Реферат: Пакт Молотова 
	
	Реферат: Пакт Молотова 
Пакт Молатава-Рыбентропа   (Уз’яднанне БССР)
       
      (Набіраў : Дзмітрыеў Дзмітрый)   
Прыход фашызму да ўлады ў Германіі і пачатак рэалізацыі яго агрэсіўнай 
праграмы стварылі небяспечны ачаг вайны ў Цэнтральнай Еўропе і непасрэдную 
пагрозу развязвання сусветнай вайны. Адводзячы ў сваіх глабальных планах 
важнейшае месца барацьбе супраць “фарпоста міжнароднага камунізма” , гэта 
значыць супраць СССР, фашызм меў на мэце зняволенне і іншых краін, 
устанаўленне сусветнага панавання. 
Паўстала задача арганізацыі сумесных дзеянняў розных палітычных сіл для 
адпору гэтай палітыцы. Здавалася, у сярэдзіне 30-х гг. такія перадумовы 
намячаліся: ідэя Савецкага Саюза аб арганізацыі сістэмы калектыўнай бяспекі 
знайшла падтрымку Францыі, Югаславіі, Румыніі і іншых краін. У 1934 г. СССР 
уступіў у Лігу Нацый і стаў пастаянным членам яе Савета. У 1935 г. былі 
падпісаны савецка-французскі і савецка-чэхаславацкі дагаворы. 
Але далей падзеі пайшлі па іншаму шляху. Кіруючыя колы Англіі з самага 
пачатку займалі абыякавую пазіцыю у адносінах да ідэі калектыўнай бяспекі. 
Паступова змянілася да горшага і пазіцыя Францыі. Кіруючыя колы заходніх 
дзяржаў узялі курс на “прымірэнне” з агрэсарам. Галоўны сэнс гэтага курса 
заключаўся ў тым, каб цаной уступак аслабіць германскі націск на Захадзе і 
накіраваць яго экспансію на Усход. 
Палітыка “прымірэння” рэалізоўвалася па розных напрамках. Заходнія дзяржавы 
нічога не зрабілі, калі Германія яшчэ вясной 1935г. афіцыйна адмовілася ад 
выканання усіх ваенных артыкулаў Версальскага дагавора і ўвяла забароненую ёй 
усеагульную павіннасць. У наступным годзе Германія акупіравала Рэйнскую 
дэмілітарызаваную зону. Ад Германіі старалася не адстаць фашысцкая Італія, 
якая напала на Эфіопію. У 1936 г. Германія і Японія заключылі 
антыкамінтэрнаускі пакт, да якога у 1937 г. далучылася Італія. 
У сакавіку 1938 г. у склад рэйха была ўключана Аўстрыя. Пагроза навісла над 
Чэхаславакіяй. 30 верасня 1938 г. на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў Англіі, 
Францыі, Германіі і Італіі ў Мюнхене было падпісана пагадненне аб расчляненні 
Чэхаславакіі і перадачы часткі яе (Судэцкай вобласці) Германіі. У сакавіку 
1939 г. Чэхаславакія была акупіравана Германіяй. Такім чынам, да 1939г. 
Версальска-Вашынгтонская сістэма дагавораў была скасавана канчаткова. 
Становішча у свеце рабілася выбухованебяспечным. У новых умовах Савецкі Саюз 
даў згоду на кантакты з Германіяй. Адбыліся эканамічныя перагаворы, якія з 
асаблівай інтэнсіўнасцю разгарнуліся ў маі-жніўні 1939 г. Затым яны перайшлі 
у палітычную сферу. 
Англія і Францыя пасля акупацыі Чэхаславакіі немцамі, баючыся непрадказальнай 
палітыкі Германіі, зноў пайшлі на кантакт з СССР. Вясной і летам 1939 г. 
праходзілі траістыя перагаворы СССР, Англіі і Францыі па палітычных, а потым 
і ваенных пытаннях. Адначасова брытанскія палітычныя колы не пакінулі спроб 
дамовіцца з Германіяй, вынікам чаго з’явіліся англа-нямецкія перагаворы. 
На палітычных і ваенных перагаворах з СССР Англія і Францыя займалі 
неканструктыўную пазіцыю. Разам з тым, яны не праяўлялі гатоўнасці да 
кампрамісаў перад тварам фашызму. 
На грамадскім узроўні таксама не ўдалося ўтварыць магутны антыфашысцкі фронт. 
Да 20 жніўня 1939 г. стала відавочна, што перагаворы СССР, Англіі і Францыі 
зайшлі ў тупік. Сітуацыя станавілася крытычнай. Падрыхтоўка Германіі да 
напада на Польшчу ішла поўным ходам, і Гітлер у любы момант быў гатовы пачаць 
наступленне. 
Ва ўмовах узрастаючай напружанасці міжнароднага становішча, поўнай палітычнай 
ізаляцыі і магчымай вайны на два фронты СССР прыняў прапанову Германіі 
заключыць пакт аб ненападзенні. 20 жніўня 1939 г.Гітлер звярнуўся з асабістым 
пасланнем да І.В.Сталіна прыняць міністра замежных спраў Германіі “для 
складання і падпісання пакта аб ненападзеніі”. Раніцай 23 жніўня 1939 г. у 
Маскву прыляцеў Рыбентроп. Перагаворы паміж ім, Сталіным і Молатавым 
завяршыліся на працягу аднаго дня. 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка- 
германскі дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў. 
Савецка-германскі дагавор, з аднаго боку, з’явіўся вымушаным крокам, лагічным 
вынікам міжнародных адносін ў 1938-1939 гг. Савецкі Саюз пазбегнуў вайны на 
два фронты, нанёс рашучы ўдар па планах стварэння адзінага антысавецкага 
фронту, атрымаў амаль два гады для ўмацавання сваёй абароназдольнасцi. З 
другога ж боку, гэты дагавор нанёс урон міжнароднаму прэстыжу СССР, які 
ўспрымаўся раней як флагман барацьбы з фашызмам. Быў дэзарыентаваны і савецкі 
народ, які бачыў у фашызме лютага ворага. 
Да дагавора быў прыкладзены “Сакрэтны дадатковы пратакол”, якім 
размяжоўваліся “сферы інтарэсаў” абодвух бакоў. Германія атрымала Францыю, 
Брытанію і іх афрыканскія калоніі, СССР – Фінляндыю, Эстонію, Латвію, 
Бесарабію і “права” пашырацца на поўдзень у бок Персідскага заліва праз Іран, 
Афганістан і Турцыю. 
Згодна з першым пунктам пратакола, у выпадку тэрытарыяльных і палітычных 
пераўтварэнняў у абласцях, якія належалі прыбалтыйскім дзяржавам (Фінляндыя, 
Эстонія, Латвія, Літва), паўночная граніца Літвы павінна была стаць мяжой, 
падзяляючай сферу уплыву Германіі і СССР. 
У другім пункце пратакола адзначалася: “У абласцях, якія належаць Польскай 
дзяржаве, сферы ўплыву будуць размежаваны па лініі рэк Нараў, Вісла, Сан”. 
Гэта значыць, СССР, па сутнасці, атрымліваў акрамя Заходняй Беларусі і 
Заходняй Украіны частку Польшчы да Варшавы. 
Сам факт размежавання інтарэсаў сацыялістычнай і фашысцкай дзяржаў сакрэтным 
пратаколам, прыняты ў абход законаў СССР і ў парушэнне дагаворных 
абавязацельстваў перад трэцімі краінамі, адлюстроўваў грэбаванне нормамі 
права і маралі. 
Кульмінацыяй гэтага працэса стаў Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР 
і Германіяй ад 28 верасня 1939 г. Быў таксама падпісаны сакрэтны дадатковы 
пратакол, паводле якога Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія 
ўзамен атрымлівала частку Польшчы, якая па ранейшай дамоўленасці ўваходзіла ў 
сферу інтарэсаў СССР. 
Германія лічыла, што пакт ат 23 жніўня 1939 г. развязаў ёй рукі на Усходзе, і 
1 верасня яна напала на Польшчу. Англія і Францыя, звязаныя з Польшчай 
саюзнымі дагаворамі, 3 верасня 1939 г. аб’явілі вайну Германіі. У той жа 
дзень у вайну ўступілі Аўстралія, Новая Зеландыя і Індыя. Пачалася другая 
міравая вайна. 
	
	
					
							 |